Міжнародны жаночы дзень на тэлеканале «Беларусь 3»
Набліжаецца самае кранальнае, пяшчотнае і радаснае свята – Міжнародны жаночы дзень! Каб 8 Сакавіка стала сапраўдным святам для нашых дарагіх і любімых, напоўніў сем’і вясновым настроем і шчырамі ўсмешкамі, тэлеканал “Беларусь 3” падрыхтаваў у праграме перадач безліч сюрпрызаў.
Зраніцы, у 8.10 гледачы ўбачаць святочны канцэрт «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета запрашае ...».
У 9.20 пачнецца мастацкі фільм «Валодзя вялікі, Валодзя маленькі» паводле аднайменнага апавядання Антона Чэхава. Дзеянне фільма адбываецца ў правінцыйным горадзе. Галоўная гераіня Соф’я шукае шчасце, спачатку – у багацці, потым – у каханні. Але не ўсё так проста. Трэба не толькі знайсці шчасце, трэба яго ўтрымаць. У ролях: Расціслаў Янкоўскі, Вольга Меліхава, Алег Меншыкаў.
У 10.50 тэлеканал прапануе прэм’еру дакументальнага фільма «Святая Рыма» («Беларусьфільм») пра жыццё і подзвіг сястры міласэрнасці, гераіні Першай сусветнай вайны Рымы Івановай. Стваральнікі карціны раскажуць пра адзіную жанчыну ў Расіі, якая ўзнагароджана ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. 9 верасня 1915 года немцы атакавалі 105-ты Арэнбургскі полк. Абодва расійскіх афіцэра, якія ўзначальвалі ваенны атрад, загінулі. Салдаты хацелі адступаць, але медсястра Рыма Іванова змагла адрадзіць іх баявы дух і павяла за сабой. Бітва скончылася перамогай нешматлікага атрада рускіх салдат. З тых часоў Рыма Іванова стала талісманам для аднапалчан....
У 13.10 святочные эфір працягне спектакль Сяргея Пракоф’ева «Рамэа і Джульета». Аўтар лібрэта – народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў. Гісторыя вечнага кахання ў выкананні артыстаў Вялікага тэатра Беларусі пастаўлена ў 1989 годзе, але і сёння яна не страціла сваю актуальнасць. Вытанчаныя касцюмы, яркія дэкарацыі і бездакорная харэаграфія дапамаглі спектаклю набыць папулярнасць і любоў як сярод гледачоў, так і сярод тэатральных крытыкаў.
У 16.35 адбудзецца сольны канцэрт опернага спевака Уладзіміра Александровіча «Ты – мая мелодыя» у суправаджэнні сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Дырыжор – Рыгор Сарока. Уладзімір Александровіч, выхадзец з Маладзечна, − унікальны спявак, лаўрэат міжнародных конкурсаў, вучань аднаго з пяці майстроў італьянскай школы «Бельканта». У канцэртнай праграме прагучаць кампазіцыі Мусліма Магамаева, песні з фільмаў «Шэрбургскія парасоны», «Зорка чароўнага шчасця», «Сцеражыся аўтамабіля».
Гістарычная драма «Пан Валадыёўскі», знятая польскім рэжысёрам Ежы Гофманам паводле рамана Генрыха Сянкевіча, выйдзе ў эфір у 18.15. Карціна з’яўлецца заключнай часткай трылогіі, у якую уваходзяць фільмы «Агнём і мячом»і «Патоп», і прысвечана гісторыі Польшчы XVII стагоддзя – часу, калі палякі вялі вострую барацьбу з турэцкім нашэсцем. На фоне крывавых супрацьстаянняў разгортваецца гісторыя моцнага, самаадданага кахання панам Валадыёўскага і вернай Басі.
Вячэрні святочны эфір у 20.50 працягне экранізацыя навелы аўстрыйскага пісьменніка Стэфана Цвейга «Кларыса» у выкананні французскага рэжысёра Жака Дэрэ. Кларыса і Леанар, аўстрыйка і француз, памочніца знакамітага псіхіятара і настаўнік… Здавалася б, іх каханне павінна быць вечным. Але доўжылася яно толькі тры тыдні. Потым пачалася вайна, і іх краіны апынуліся па розныя бакі. Жорсткія выпрабаванні раздзялілі каханых, аднак сапраўдныя пачуцці не прызнаюць ні часу, ні адлегласці. Рана ці позна лёс звядзе іх…У ролях: Марушка Дэтмерс, Клод Рыш, Стэфан Фрэйс.
Тэлеканал “Беларусь 3” жадае сваім гледачам прыемнага святочнага прагляду!
Мы поможем определиться с выбором услуги, предложим оптимальное решение для вашего бизнеса.